НА́НСЕНАЎСКАЯ МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПА СПРА́ВАХ БЕ́ЖАНЦАЎ (Nansen International Office for Refugees). Існавала ў 1930—38. Працягвала працу Вярх. камісіі Лігі Нацый па справах бежанцаў (у 1921—30 дзейнічала пад кіраўніцтвам нарв. палярнага даследчыка Ф.Нансена). Засн. Лігай Нацый у канцы 1930 пасля смерці Нансена, з 1.4.1931 працавала ў г. Жэнева (Швейцарыя). Мела прадстаўніцтвы ў буйнейшых дзяржавах свету, якія выконвалі ролю консульстваў для ўладальнікаў «нансенаўскіх пашпартоў» — асобых пасведчанняў асобы, што былі прызнаны ў 52 краінах. Садзейнічала прыняццю 14 краінамі Канвенцыі 1933 аб бежанцах. Да канца 1935 перасяліла больш за 40 тыс. армян-бежанцаў ад тур. генацыду ў Сірыю і Ліван і 10 тыс. — у Ерэван, а таксама 4 тыс. бежанцаў з Саара ў Парагвай. З 1935 супрацоўнічала з камісіяй Лігі Нацый па справах бежанцаў з Германіі (існавала ў 1933—38). Рабіла выплаты бедным (асн. крыніцу фінансавання склалі 250 тыс. нарв. крон, атрыманых ад Нансена). Да 1938 аказала дапамогу 800 тыс. бежанцаў. Заменена новай Вярх. камісіяй па справах бежанцаў пад эгідай Лігі Нацый, якая пачала працаваць у Лондане 1.1.1939. Нобелеўская прэмія міру 1938.
т. 11, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)